15 красавіка 2025 года ў зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі аматарам цыкла кінапаказаў «Магія кінакадра» быў прадстаўлены фільм рэжысёра-франтавіка Мікалая Фігуроўскага «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958).
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Агафонава акцэнтавала ўвагу на тым, наколькі складана рэжысёру зняць кінастужку на аснове рэальных падзей, тым больш калі жывыя іх удзельнікі і сведкі. Стваральнікам фільма неабходна адначасова вырашаць эстэтычныя і этычныя задачы, якія ўступаюць у канфлікт.
Паглядзеўшы фільм, кінааматары разам з Наталляй Агафонавай ажыўлена абмяркоўвалі ўбачанае, задавалі пытанні, дзяліліся думкамі наконт ўспрымання кінамовы 1958 года сучаснымі гледачамі. Кіназнаўца адзначыла, што карціна з'яўляецца ўнікальнай для «Беларусьфильма» па колькасці беларускіх акцёраў, якіх мы бачым у цэнтральных ролях.
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі