6 чэрвеня 2024 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Шляхамі Арсеня Ліса”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння нашага славутага фалькларыста і літаратара. У мерапрыемстве на радзіме Арсеня Сяргеевіча (Смаргонь – Залессе) прынялі ўдзел навукоўцы і работнікі сферы культуры. У выступленнях былі агучаны асноўныя кірункі дзейнасці А.С. Ліса, выказаны шматлікія словы павагі і ўдзячнасці за выніковую і натхняльную працу. Настаўнік, вучоны, асветнік, літаратуразнаўца, паэт, абуджальнік Беларусі, праўдзівы інтэлігент і шчыры чалавек – такім застаецца Арсень Ліс у нашай памяці. У час канферэнцыі з яркімі запамінальнымі прамовамі выступілі яго землякі -- работнікі сферы культуры і адукацыі Смаргонскага краю.
Канферэнцыя – чарговая ў серыі выязных мерапрыемстваў аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прысвечаных знакамітым фалькларыстам. Акрамя дасягнення навуковых мэт у час такіх мерапрыемстваў адбываецца пашырэнне супрацоўніцтва з рэгіянальнымі ўстановамі культуры, краязнаўцамі, настаўнікамі.