Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Тыдзень беларускай культуры і мастацтваў

ПРЭС-РЭЛІЗ

 З 20 па 24 мая 2024 года Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць
Тыдзень беларускай культуры і мастацтваў

На працягу пяці дзён пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў: лекцыі, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі, кінапаказы, сустрэчы, культурна-асветніцкія і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай культуры і мастацтваў.

20 мая (дзень беларускага кіно і тэатра)

10.00 будзе праведзены круглы стол» "Рэха Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім кіно (да 100-годдзя нацыянальнага кінематографа)". Праблемнае поле дыскусіі - вобразнае ўвасабленне ваеннай тэмы ў ігравым, дакументальным і анімацыйным кіно, мастацкай фатаграфіі і інтэрнэт-прасторы.

15.00 адбудзецца кінапаказ-даклад "Стварыць мастацтва з пекла зямнога", прысвечаны франтавым кінадакументалістам-беларусам і кіналетапісу вызвалення Беларусі.

21 мая (дзень этналогіі і фальклору)

10.00 будзе праведзены круглы стол "Актуальныя праблемы беларускай этналогіі (да 70-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага этнолага і антраполага Ігара Усеваладавіча Чаквіна)". І.У. Чаквін, таленавіты этнолаг (1954-2012), глыбока даследаваў праблемы паходжання і этнічнага развіцця беларусаў на аснове ўсебаковага аналізу фактараў фарміравання беларускага этнасу (сацыяльна-эканамічных, палітычных, рэлігійных, геаграфічных і інш.).

14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя навукова-папулярных выданняў з серыі "Легенды і паданні зямлі беларускай" і "Фальклорныя скарбы беларусаў". Ва ўдзельнікаў мерапрыемства будзе магчымасць пазнаёміцца з фальклорным жанрам легенды, а таксама з блізкімі жанрамі паданняў і былічак. У прэзентацыі прымуць удзел мастакі-афарміцелі, а таксама майстры аўтэнтычных спеваў. Парадуе ўдзельнікаў мерапрыемства і выступленне самых маленькіх апавядальнікаў беларускай легенды.

22 мая (дзень беларускай музыкі)

11.00 адбудуцца лекцыя-канцэрт "Народныя інструменты ў музычнай культуры Беларусі і Кітая". Слухачы пазнаёмяцца з музычнымі інструментамі беларускага народа, а таксама з некаторымі экзатычнымі для нас кітайскімі інструментамі. Лектары раскажуць аб іх гісторыі, арганалогіі, выканальніцкіх магчымасцях, і вядома ж, будзе прадэманстравана іх жывое гучанне.

16.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (зала пасяджэнняў Прэзідыума НАН Беларусі) адбудзецца прэзентацыя першага тома «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі», падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва. У кнізе прадстаўлены навуковыя каментарыі і творы сучасных беларускіх кампазітараў, створаныя ў рэчышчы сучасных тэндэнцый. Большасць з партытур - рукапісы, якія публікуюцца ўпершыню. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі творчых саюзаў, Выдавецкага дома «Белнавука», устаноў адукацыі і культуры. Прэзентацыя прадугледжвае выкананне музычнай капэлай цэнтра твораў, якія ўвайшлі ў першы тым «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі».

23 мая (дзень выяўленчага мастацтва і архітэктуры)

11.00 будзе праведзены круглы стол "Вобраз Радзімы", прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі П.В. Масленікава (1914-1995). У мерапрыемстве прымуць удзел навукоўцы, музейныя супрацоўнікі, работнікі ўстаноў адукацыі, а таксама прадстаўнікі Беларускага саюза мастакоў.

14.30 адбудзецца майстар-клас па выцінанцы, які правядзе член грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці»

16.00 старшы навуковы супрацоўнік аддзела архітэктуры, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт І.І. Балуненка выступіць з лекцыяй "Тэндэнцыi сучаснай архiтэктурнай вiзуалiзацыi".

24 мая (дзень старажытнабеларускай культуры)

11.00 адбудзецца адкрыццё выставачнай экспазіцыі, якая будзе ўключаць у сябе адрэстаўраваныя творы іканапісу з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры; сучасныя касцюмы маладых мадэльераў, створаныя па матывах беларускіх народных комплексаў.

12.00 будзе праведзены круглы стол "Актуальныя пытанні захавання і папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны", у якім прымуць удзел навукоўцы, даследчыкі з навучальных устаноў і музеяў Беларусі".

Мерапрыемствы дня пройдуць пад дэвізам "Культурная спадчына: мінулае, сучаснасць, будучыня".

У рамках тэматычнага тыдня 24 мая адбудзецца I Навукова-практычная канферэнцыя маладых даследчыкаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі «Навука і моладзь: актуальныя праблемы даследаванняў у ХХІ стагоддзі».

Каардынатар: Бараноўскі Аляксандр Віктаравіч, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі". Тэл. (+375 17) 270-04-22. Е-mail: a.baranouski@belcentre.by

Тыдзень беларускай культуры і мастацтваў упершыню будзе праводзіцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне мастацтвазнаўства, этнаграфіі, этналогіі і фалькларыстыкі.

У Дзяржаўны рэестр навуковых аб'ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак, уключаны дзве калекцыі інстытута: калекцыя твораў мастацтва і прадметаў этнаграфіі аддзела старажытнабеларускай культуры (12295 адзінак захоўвання) і калекцыя фальклорных запісаў аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў (больш за 400 тыс.тэкставых і 70 тыс. гуказапісаў).

Прэс-служба НАН Беларусі

belБеларуская мова