Дзяржаўная навуковая ўстанова "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы
21 мая 2025 года адбудзецца круглы стол «Шляхі Вялікай Перамогі», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі ў барацьбе з фашызмам атрымала яркае ўвасабленне ў беларускім выяўленчым мастацтве, стала цэнтральнай для яго, у значнай ступені паўплываўшы на своеасаблівасць беларускай мастацкай школы. Найбольш плённым перыядам для распрацоўкі тэмы Вялікай Айчыннай вайны сталі другая палова 1940-х- канец 1970-х гадоў, калі пакаленне беларускіх мастакоў-ветэранаў (Г. Бржазоўскі, В. Вярсоцкі, Н. Воранаў, А. Глебаў, В. Грамыка, П. Дурчын, Я. Зайцаў, Э. Куфко, П. Крохалеў, С. Лі, А. Малішэўскі, П. Масленікаў, А. Мазалёў, С. Раманаў, М. Савіцкі, С. Селіханаў, І. Стасевіч, У. Сухаверхаў, І. Ціханаў, Л. Шчамялёў і інш.) стварыла знакавыя для айчыннага выяўленчага мастацтва творы, што глыбока і шматгранна раскрываюць гераічны вобраз народа – пераможца фашызму, дасягнула вяршынь філасофскай змястоўнасці ў асэнсаванні ваеннай тэмы. Сёння, у ХХІ стагоддзі, тэма Вялікай Айчыннай вайны захоўвае значнае месца ў творчай дзейнасці сучасных мастакоў, знаходзіць пераасэнсаванне і новае ўвасабленне ў творчых працах новага пакалення аўтараў.
Праблемна-тэматычнае поле круглага стала:
- Тэма Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі ў барацьбе з фашызмам у выяўленчым мастацтве Беларусі
- Творчая спадчына і жыццёвы шлях беларускіх мастакоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны
- Захаванне гістарычнай памяці аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў выяўленчым мастацтве Беларусі
- Тэма Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі ў выставачных праектах музеяў Беларусі
- Мемарыяльныя комплексы Беларусі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне
У межах круглага стала прагучаць даклады супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, а таксама мастацтвазнаўцаў вядучых устаноў культуры і адукацыі з розных гарадоў нашай краіны.
Круглы стол пройдзе па адрасе: г. Мінск, вул. Сурганава, 1 к. 2, каб. 603, пачатак у 11.00.
Кантакты: m2702917@yandex.by