Працягваем знаёміцца з Музеем беларускага мастацтва і культуры НАН Беларусі. У зале сакральнага мастацтва сабралі каштоўныя рэліквіі трох канфесій: праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкай. Культурная спадчына беларусаў. Дэкаратыўная разьба, алтарная скульптура, царкоўнае адзенне, старадаўнія абразы. Каб цалкам адчуць духоўную атмасферу, на экспазіцыі зрабілі праваслаўны іканастас, каталіцкі алтар - як у хрысціянскіх храмах...
Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт: «Галоўнае месца ў гэтым алтары адведзена ўнікальнаму абразу, аднаму з самых старажытных з тых, што існуюць цяпер, вядомых нам у музеях Беларусі, – гэта «Пакланенне вешчуноў». Гэты абраз быў напісаны па захаваных дакументах не пазней за 1514 год, знойдзены быў падчас экспедыцыі ў касцёле Пятра і Паўла вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна. Ён быў схаваны за палатном ад вачэй тых людзей, якія маглі гэтаму абразу нашкодзіць. Падчас рэстаўрацыі некаторыя з пластоў былі раскрыты і быў раскрыты невялікі партрэт данатара – дарыльшчыка, намаляванага укленчаным. У цэнтры пад абразом мы бачым яшчэ адзін унікальны твор – гэта невялікі камерны алтарык, які выяўляе святую Кацярыну і святую Даратэю».