Творчае аб'яднанне «Музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (Музычная капэла) створана ў 2018 г. пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Цмыг Галіны Паўлаўны і функцыянуе ў выглядзе вакальна-інструментальнага калектыву, які атрымаў у спадчыну Нацыянальныя акадэмічныя выканальніцкія традыцыі, што складваліся ў рэчышчы эвалюцыі ўсходнееўрапейскай культуры. Яго ўдзельнікамі з'яўляюцца супрацоўнікі аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва. Музычная капэла ўключае ў сваю арганіку вакальную (хор салістаў, салісты-вакалісты), інструментальную (струнны квартэт, флейта, фартэпіяна, арган, аўтэнтычныя беларускія дуда, гуслі, ліра, акарына і інш.) і ўдарную (званы, малы барабан, тамбурын, званочак і інш.) групы.
Найважнейшай мэтай аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва з'яўляецца правядзенне прыкладных даследаванняў у галіне беларускага музычнага мастацтва і ўкараненне вынікаў навуковых распрацовак у канцэртную практыку Музычнай капэлы ў рамках удзелу ва ўрачыстых, святочных і навуковых мерапрыемствах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама і ў спецыяльна арганізаваных унікальных навукова-творчых, адукацыйных і музычна-асветніцкіх праектах.
У рэчышчы апрабацыі і папулярызацыі вынікаў навуковых даследаванняў у галіне музычнага мастацтва Музычнай капэлай рэалізавана больш за пяцьдзесят унікальных навукова-творчых музычных праектаў, якія створаны дзякуючы навукова-практычнай рабоце па харазнаўчым аналізе жанрава-стылявых і кампазіцыйных асаблівасцей камернай харавой і вакальна-інструментальнай музыкі беларускіх кампазітараў з мэтай укаранення твораў нацыянальнага музычнага мастацтва, якія выконваюцца мала, у музычна-педагагічную і канцэртную практыку; выяўленню асаблівасцей мастацкага ажыццяўлення беларускага фальклору ў сучаснай харавой і вакальна-інструментальнай музыцы; стварэнню творчых праектаў прэзентацыі беларускай музыкі на аснове сінтэзу традыцыйных і наватарскіх сусветных музычных тэхналогій з прымяненнем навукова-інавацыйных распрацовак.
Аддзел музычна-выканальніцкага мастацтва створаны ў 2020 годзе. Кіруе аддзелам кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Цмыг Галіна Паўлаўна. Асноўныя напрамкі дзейнасці: фундаментальныя даследаванні ў галіне музычна-выканальніцкага мастацтва (гісторыя, тэорыя, практыка); раскрыццё сутнасці беларускага харавога мастацтва як сістэмы ў яе функцыянаванні ў сучасным соцыуме і ўзаемадзеянні з рознымі комплексамі культуры; даследаванне нацыянальнай харавой спадчыны і выяўленне асаблівасцей яе мастацкага асэнсавання ў сучаснай беларускай культуры.
У працэсе работы аддзела надаецца ўвага спецыяльнаму выканальніцкаму аналізу музычных твораў і распрацоўцы тэхналогій для практычнай канцэртнай прэзентацыі музыкі; уводзяцца ў навуковы ўжытак і творчую практыку малавядомыя партытуры і неапублікаваныя рукапісы беларускіх аўтараў. Сярод перспектыўных напрамкаў даследаванняў вылучаецца: распрацоўка праблематыкі ў сферы аксіялагічнага аспекту аналізу музычнага твора; асэнсаванне беларускай харавой спадчыны як цэласнага аб'екта, сутнасць якога абумоўлена нацыянальнай пеўчай традыцыяй, што развіваецца ў трыадзінстве народнай, сакральнай і секулярнай сфер.
Практычная значнасць дзейнасці аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва заключаецца ў тым, што тэорыя, гісторыя і практыка музычна-выканальніцкага мастацтва – запатрабаваны кірунак даследаванняў з прычыны яго культурагенных функцый у соцыуме. Па тэмах названых напрамкаў даследаванняў супрацоўнікамі аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва зроблена больш за пяцьдзесят дакладаў на навуковых канферэнцыях, апублікавана больш за сорак навуковых прац у Беларусі і за мяжой.