18 снежня, пад заслону 100-годдзя беларускага кіно, у зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў заключны ў гэтым годзе кінапаказ цыкла "Магія кінакадра", падчас якога дэманстраваўся бясспрэчны шэдэўр экраннага мастацтва Беларусі – фільм "Альпійская балада" (1965).
Прыемна, што ў фінальным кінапаказе "Магіі кінакадра" прыняла ўдзел загадчык аддзела экранных мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, сапраўдны аўтарытэт у галіне айчыннай кінакрытыкі Антаніна Карпілава.
17 снежня Антаніна Аляксееўна стала заслужанай уладальніцай прэстыжнай узнагароды – медаля Юрыя Тарыча, уручанага ёй за шматгадовы ўклад у развіццё айчыннай кіназнаўчай навукі. Выступоўца ўвяла гледачоў у агульны кантэкст беларускага кіно, без разумення якога немагчыма асэнсаваць асобныя экранныя творы. Кіназнаўца распавяла пра стаўленне Васіля Быкава да кінематографа і экранізацыі «Альпійскай балады», звярнула ўвагу гледачоў на выдатную працу аператара Анатоля Забалоцкага, з якім неаднаразова сустракалася і мела цесныя сувязі. Асаблівы акцэнт Антаніна Карпілава зрабіла і на музычным матэрыяле фільма. Музыка, напісаная кампазітарам Уладзімірам Чараднічэнкам, тонка ўплятаецца ў канву карціны: «бяжыць» за героямі, спачувае ім, радуецца, марыць і пакутуе разам з імі.
Пасля прагляду ўражаныя гледачы разам з Антанінай Аляксееўнай абмеркавалі фільм, даведаліся пра цікавыя факты з гісторыі стварэння кінастужкі, напрыклад, пра асаблівасці ўзаемадзеяння на здымачнай пляцоўцы выканаўцаў галоўных роляў – Станіслава Любшына і Любові Румянцавай, якія не ладзілі, але ў «баладзе» па-майстэрску сыгралі закаханых.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі выказвае словы шчырай падзякі гледачам-кінааматарам, а таксама аддзелу экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за плённае супрацоўніцтва і падтрымку цыкла кінапаказаў «Магія кінакадра», за магчымасць разам пераасэнсаваць найлепшыя ўзоры айчыннага кінамастацтва.
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі