Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Кінапаказ "Магія кінакадра"

18 сакавіка 2025 года ў зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў рамках праекта «Магія кінакадра» прайшоў чарговы кінапаказ, які прадэманстраваў карціну «Канстанцін Заслонаў» (1949) рэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна і Аляксандра Файнцымера.

Перад паказам фільма са змястоўнымі каментарыямі і тлумачэннямі выступіла кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Антаніна Карпілава. Кінакрытык адзначыла той факт, што фільм «Канстанцін Заслонаў» быў унікальным для свайго часу, бо стаў першай карцінай, якая дэманструе на экране подзвіг партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Антаніна Аляксееўна звярнула ўвагу на светапогляд пасляваеннай эпохі і час, у які здымаўся фільм. Таксама адзначыла годную аператарскую працу Аляксандра Гінцбурга, музыку Анатоля Багатырова (у фільме гучаць урыўкі з яго кантаты «Беларускім партызанам» на словы Янкі Купалы), распавяла пра выбар акцёраў, сярод якіх нашы беларускія артысты Глеб Глебаў, Здзіслаў Стома і Уладзімір Дзядзюшка. Антаніна Карпілава звярнула ўвагу на арганічны экранны вобраз Заслонава, жыва ўвасоблены савецкім і расійскім артыстам Уладзімірам Дружнікавым.

Пасля заканчэння фільма гледачы разам з Антанінай Карпілавай змаглі яшчэ раз пераканацца ў тым, што карціна, нягледзячы на некаторыя «шурпатасці», вартая прагляду сучаснай публікай, паколькі паказвае ваенныя падзеі практычна «з першых вуснаў» і дэманструе майстэрства здымачнай групы.

Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

belБеларуская мова