Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Канферэнцыя "Бешанковіцкі край…"

20 чэрвеня 2024 года ў Бешанковічах пачала працу навукова-практычная канферэнцыя «Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна (да 100-годдзя Бешанковіцкага раёна)».
 
Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт. У рабоце канферэнцыі ў вочным і завочным фарматах прымаюць удзел больш за 70 даследчыкаў (гісторыкаў, археолагаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, фалькларыстаў, архівістаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк) з Бешанковічаў, Віцебска, Гродна, Дзяржынска, Лёзна, Мінска і Полацка.
 
У пачатку канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Валянціна Багатырова.
 
У пачатку канферэнцыі ўзнагародамі Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта, Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі былі адзначаны мясцовыя краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, музейныя супрацоўнікі, архівісты і акадэмічныя вучоныя.
 
Вучоныя перадалі ў фонды Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі кніжныя выданні, што былі падрыхтаваны супрацоўнікамі Інстытута гісторыі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
 
Падчас пленарнага пасяджэння было падпісана Пагаднне аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Бешанковіцкім райвыканкамам.
 
Пленарнае пасяджэнне пачалося дакладам загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Максіма Чарняўскага аб гісторыі і перспектывах даследаванняў першабытных тарфянікавых паселішчаў Бешанковіччыны. З дакладам аб партызанскай брыгадзе «Аляксея» праз прызму дзённіка баявых дзеянняў выступіў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віталь Гарматны.
 
Вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Антон Юпатаў у сваім выступленні распавёў пра старонкі жыцця першых партыйных і савецкіх кіраўнікоў Бешанковіцкага і Ульскага раёнаў. З дакладам пра Мікалая Ваднёва, які ўсё жыццё самааддана працаваў на карысць Бешанковіцкага раёна, выступіў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бараноўскі.
 
Пленарнае пасяджэнне завяршыла выступленне вядучага архівіста аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алены Траццяк з дакладам аб адлюстраванні гісторыі Бешанковіччыны ў архіўных фота- і кінадакументах.
 
Работа навуковага форума працягваецца ў трох секцыях: “Бешанковіччына ад старажытнасці да 1917 г.”, “Бешанковіччына ад 1917 г. да сучаснасці”, “Звязаныя лёсам з Бешанковіччынай”.
 
21 чэрвеня запланавана работа круглага стала “Культурная спадчына Бешанковіччыны”.
belБеларуская мова