У рамках дня этналогіі і фальклору 21 мая 2024 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала, прысвечанага праблемам сучаснай беларускай этналогіі і прымеркаванага да 70-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага этнолага і антраполага Ігара Усеваладавіча Чаквіна.
Выступілі калегі і вучні І.У. Чаквіна, якія ўспаміналі творчую і навуковую спадчыну выдатнага вучонага, шматлікія публікацыі, раздзелы ў манаграфіях, артыкулы, што характарызуюць надзвычай шырокае кола яго навуковых інтарэсаў, сведчаць аб значнасці атрыманых ім вынікаў для этналогіі і шэрагу іншых дысцыплін (у прыватнасці, антрапалогіі, рэлігіязнаўства, фалькларыстыкі). Асабліва гэта тычыцца пытанняў этнагенезу беларусаў, развіцця этнічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі, па якіх навукоўцамі-гуманітарыямі І.У. Чаквін лічыцца прызнаным аўтарытэтам. У сваіх выступах этнолагі і антраполагі імкнуліся выказаць даніну павагі Ігару Усеваладавічу Чаквіну як бліскучаму навукоўцу і выдатнаму чалавеку, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё этналагічнай навукі ў Беларусі.