6 мая 2025 года ў аддзеле музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшоў навуковы семінар «Великая Отечественная война советского народа и Антияпонская война китайского народа в белорусской и китайской музыке».
У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі і аспіранты аддзела. У дакладах былі асветлены музычныя творы беларускіх і кітайскіх кампазітараў, напісаныя ў розных жанрах: кантатна-аратарыяльным, песенным, балетным, у скрыпічнай і фартэпіяннай музыцы. Выступоўцы падкрэслілі важную ролю гэтых твораў у музычнай культуры Беларусі і Кітая, ахарактарызавалі іх вобразны лад, сродкі музычнай выразнасці. Была адзначана значная прапагандысцкая функцыя музыкі на вайне: яна ўмацоўвала баявы дух салдат, давала надзею на хуткую перамогу працаўнікам тылу, падрывала маральную моц ворага. Напрыканцы навуковага семінара прагучала музыка У. Алоўнікава, А. Багатырова, Я. Цікоцкага, Сянь Сінхая, Не Эра, Цуй Шыгуана, Ма Сыцуна.
Галоўнай навуковай высновай семінара стала выяўленне спецыфікі адлюстравання ваеннай тэматыкі ў творчасці беларускіх і кітайскіх кампазітараў, былі сфармуляваны асноўныя аспекты падабенства і адрознення. Навуковы семінар стаў важным крокам да разумення музычнай культуры Беларусі і Кітая.