27 сакавіка 2025 года на філалагічным факультэце БДПУ ў межах Дэкады студэнцкай навукі адбыўся Навуковы Workshop “Як падрыхтаваць паспяховы артыкул (на матэрыяле творчасці пісьменнікаў-франтавікоў)”.
Яго для студэнтаў 3 курса філалагічнага факультэта і ўдзельнікаў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Літаратура: погляд маладых” правялі дацэнт Наталля Віктараўна Заяц і навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ірына Сяргееўна Мяцеліца.
Ірына Сяргееўна не ўпершыню праводзіць у БДПУ мерапрыемства такога фармату. Прафесійная даследчыца літаратуры, яна дасканала ведае спецыфіку навуковай працы і ўмее папулярна расказаць пра яе студэнтам, натхніць іх на ўласныя пошукі. Так, госця пазнаёміла з дзейнасцю Інстытута літаратуразнаўства, паведаміла пра новыя выданні, актуальныя напрамкі даследаванняў калег, навуковыя мерапрыемствы свайго аддзела.
Уласна Workshop быў накіраваны на тое, каб атрымаць неабходныя звесткі, якія адразу можна прымяніць на практыцы. Удзельнікі сёлетняй майстэрні вывучалі, як напісаць актуальны і чытабельны навуковы артыкул. Аб’ектам для даследаванняў была абрана творчасць пісьменнікаў-франтавікоў. У час святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне падобныя літаратуразнаўчыя працы з’яўляюцца асабліва запатрабаванымі і важнымі. Студэнты замацавалі новыя веды на практыцы: сумесна прыдумалі загалоўкі для некалькіх артыкулаў, распрацавалі іх канцэпцыі.