5 мая 2025 г. ва УА "Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў" адбылося мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю навукова-мастацкага праекта "Славе – не меркнуть! Традициям – жить!" Праект выкананы навучэнцамі і педагогамі гімназіі-каледжа мастацтваў у саюзе з вучонымі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў Л.А. Міцура адзначыла змястоўную значнасць праекта, яго маштабнасць і істотны аб'ём выкарыстанага ў экспазіцыі навуковага матэрыялу. Лілія Аляксееўна звярнула ўвагу гасцей на тое, што праект рэалізаваны адначасова на некалькіх выставачных пляцоўках:
- выставачная экспазіцыя "Образ. Память. Кинодокумент", прысвечаная беларускім франтавым кінадакументалістам і беларускім мастакам, у творчасці якіх тэма вайны заняла цэнтральнае месца. Знамянальна, што інфармацыйная частка гэтай экспазіцыі ўвабрала ў сябе новыя навуковыя звесткі, атрыманыя беларускімі акадэмічнымі навукоўцамі ў апошнія гады. Навуковы кіраўнік праекта - кандыдат мастацтвазнаўства вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі К.І. Рэмішэўскі;
- экспазіцыйная пляцоўка "Вернисаж Победы" – мастацкая выстава работ навучэнцаў 4-11 класаў;
- у дадатак да названых выставачных пляцовак была арганізавана работа лекцыйна-дэманстрацыйнай залы. З навуковым дакладам, прысвечаным велізарнай значнасці ваеннай тэмы для гісторыка-культурнай памяці беларусаў і беларускага мастацтва, аб марнасці спроб фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выступіў Ждановіч Павел Леанідавіч, навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Асаблівую ўвагу дакладчык удзяліў вынікам вывучэння архіўных дакументаў, у прыватнасці, раней не вядомаму, не атрыбутаванаму і не вывучанаму кіналетапісу вайны.
Вялікую цікавасць у гасцей урачыстага мерапрыемства, навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа выклікаў навуковы даклад кандыдата мастацтвазнаўства Канстанціна Ігаравіча Рэмішэўскага, які быў дапоўнены паказам фрагментаў франтавога кіналетапісу 1942-1944 гг.
У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства - акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі акадэмік, доктар гістарычных навук А.А. Каваленя, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйны рабоце Цэнтра доктар гістарычных навук С. П. Віцязь, супрацоўнікі Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Цэнтра. На мерапрыемстве прысутнічалі дзеці і ўнукі беларускіх франтавых кінааператараў – І. М.Вейнеровіча, У. П. Цеслюка, Г. Я. Удавянкова, Ю. Ф. Доўнера, члены сям'і беларускага жывапісца і графіка Лазара Рана. Навучэнцы гімназіі-каледжа горача віталі гасцей і дзякавалі за захаванне сямейных архіваў, за беражлівыя адносіны да памяці аб подзвігу бацькоў і дзядоў. Яны ўручылі гасцям кветкі і падарункі.
Мерапрыемства ўпрыгожылі вакальна-харэаграфічныя нумары навучэнцаў гімназіі-каледжа: "«С чего начинается Родина?", «Весна 45 года" і горача любімая ўсімі "Кацюша".