20 мая 2024 года ў рамках «Тыдня беларускай культуры і мастацтваў» адбылася лекцыя-кінапаказ «Стварыць мастацтва з пекла зямнога». Арганізатар мерапрыемства – Рэспубліканская лабараторыя гісторыка-культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакладчык – вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Канстанцін Рэмішэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт.
У навуковым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі акадэмічных устаноў, сталічных ВНУ сферы культуры, беларускіх архіваў і музеяў, у тым ліку прадстаўнічая дэлегацыя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтваў на чале з дырэктарам БДАМЛІ А.А. Макаранка, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Паглыбленню слухачоў у магію гістарычнага кінадакумента спрыяла магчымасць нефармальнага дыялогу з дочкамі беларускіх франтавых кінадакументалістаў – Таццянай Уладзіміраўнай Цяслюк, Людмілай Юльянаўнай Доўнер-Маліцкай, Галінай Георгіеўнай Удавянковай, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі і дапоўнілі супярэчлівую карціну нацыянальнага хранікальнага кінапрацэсу ў гады вайны дакладнымі дэталямі і фактамі.