Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Анонс круглага стала "Вобраз Радзімы"

23 мая 2024 года ў рамках Тыдня беларускай культуры і мастацтваў аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць круглы стол «Вобраз Радзімы», прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі П.В. Масленікава (1914–1995). Народны мастак Беларусі, жывапісец, тэатральны мастак, педагог і мастацтвазнаўца, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Павел Васільевіч Масленікаў у гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва ўвайшоў перш за ўсё як аўтар лірычных і эпічных пейзажаў, істотна пашырыўшы і ўзбагаціўшы нацыянальны пейзажны жывапіс новымі сюжэтамі і вобразамі, інтанацыямі і нюансамі, што дазволіла жывапісцу ў пейзажным творы ўзвысіцца да паказу партрэта свету, дзе жыве сучаснік, да стварэння глыбокага і напоўненага патрыятызмам вобраза Радзімы. Актуальнасць праблем, якія мяркуецца разгледзець у ходзе круглага стала, звязана з разуменнем важнасці ролі выяўленчага мастацтва ў развіцці патрыятызму, кансалідацыі грамадства, з усведамленнем мастацкай значнасці работ П.В. Масленікава і іх месца ў культуры і мастацтве Беларусі.

Праблемна-тэматычнае поле круглага стала: асэнсаванне паняццяў Радзімы, патрыятызму ў выяўленчым мастацтве; жыццёвы шлях П.В. Масленікава, яго творчая, педагагічная, навуковая і грамадская дзейнасць; роля і месца творчай спадчыны П. В. Масленікава ў развіцці нацыянальнай школы беларускага жывапісу, мастацкае пераасэнсаванне спадчыны П. В. Масленікава ў творчасці сучасных беларускіх жывапісцаў; працы П. В. Масленікава ў дзяржаўных музейных зборах і прыватных калекцыях.
Круглы стол пройдзе па адрасе: г. Мінск, вул. Сурганава, 1, к. 2, каб. 302, пачатак у 11.00.
belБеларуская мова