Першыя выпускнікі Школы папулярызатара навукі выступяць у Мінску 23 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту агенцтва "Мінск-Навіны" паведамілі ў прэс-службе НАН.
Мерапрыемства пачнецца з 14:00 па адрасе: г. Мінск, вул. Куйбышава, 45. У кароткіх 25-хвілінных лекцыях прадстаўнікі НАН і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БДТУ) будуць у даступнай форме расказваць слухачам пра актуальныя навуковыя напрамкі.
Франц Канстанцінаў з Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН раскажа аб стварэнні першых фармпрэпаратаў і сучасных тэхналогіях распрацоўкі лекаў у лекцыі "Чароўныя кулі".
Ганна Дарашэнка з Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі пазнаёміць слухачоў з біяхакінгам і тэхналогіяй стварэння тытанавых костак.
Марына Улажынава з Навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні развянчае міфы аб здаровым харчаванні.
Выступленне Галіны Маршалавай з БДТУ будзе прысвечана расповеду аб аднаўляльнай энергетыцы.
Лекцыя Таццяны Кім "Жалезныя мазгі і пластыкавыя рукі" (Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН) прысвечана робататэхніцы і штучнаму інтэлекту.
Супрацоўніца Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Алена Паўлава раскажа пра беларускія народныя вясельныя традыцыі і абрады.
Тэкст з сайта: Інфармацыйны гарадскі партал "Агенства МН": "Мінск-навіны"