29 чэрвеня 2024 года ў горадзе Старыя Дарогі, які славіцца сваімі ткацкімі традыцыямі, адбылася знакавая падзея – абласное свята-конкурс па ткацтве «Матчыны кросны». Гэты фестываль, які стаў адным з сімвалаў Старадарожскага раёна, праводзіцца кожныя тры гады і сёлета быў прымеркаваны да святкавання 500-годдзя горада.
Мерапрыемства сабрала больш за 90 майстроў ткацтва з 16 раёнаў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія падзяліліся сваімі ўнікальнымі навыкамі і творчасцю. Конкурс прадаставіў унікальную магчымасць майстрам прадэманстраваць свае хатнія калекцыі работ і на працягу трох гадзін стварыць ручнік, сурвэтку або пояс, якія адлюструюць традыцыі іх мясцовасці.
У склад прафесійнага журы ўваходзілі і супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: Яўген Міхайлавіч Сахута, старшыня журы, прафесар, доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; Марыя Мікалаеўна Віннікава, кандыдат мастацтвазнаўства старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры і Паліна Аляксандраўна Богдан, навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры.