20 студзеня 2025 года ў НАН Беларусі прайшлі секцыйныя пасяджэнні раздзела "Гуманітарныя навукі" ў рамках Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў "Першы крок у навуку". Арганізатар форуму — Савет маладых вучоных.
Канферэнцыя "Першы крок у навуку" прымеркавана да Дня беларускай навукі і праводзіцца ў мэтах пошуку навучэнцаў, якія цікавяцца навуковымі даследаваннямі, развіцця навыкаў прэзентацыі вынікаў даследчай дзейнасці.
Усяго ў мерапрыемстве 20-21 студзеня прымаюць удзел больш за 700 старшакласнікаў з усіх абласцей і г. Мінска, якія прадставілі работы па навуковых напрамках маладых акадэмій арганізацый НАН Беларусі.
У рамках работы секцый "Мастацтвазнаўства, этнаграфія і фальклор", "Літаратуразнаўства" і "Мовазнаўства", якія праходзілі ў тым ліку і на базе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўдзел прынялі звыш 120 навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў і каледжаў, было заслухана больш за 100 дакладаў, лепшыя з якіх былі ўдастоены дыпломамі 1-й, 2-й, 3-й ступені. Кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікаты і памятныя сувеніры.