Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы
Музей старажытнабеларускай культуры
Мастацкая галерэя «Другі паверх»
(г. Мінск, вул. Сурганава, д.1, к. 1)
Выстава «Святло памяці» прысвечана Дню Незалежнасці Беларусі (Дню Рэспублікі) і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
(адкрыццё выставы 1 ліпеня 2024 г. а 14 гадзіне)
Вялікая Айчынная вайна апаліла агнём і акрапіла крывёй кожны куток нашай Радзімы, пакінуўшы невычэрпны боль і нязгасную памяць у сэрцах яе грамадзян. Менавіта таму дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў галоўным святам беларускай дзяржаўнасці – Днём Незалежнасці Беларусі (Днём Рэспублікі).
Выстава «Святло памяці», прысвечаная Дню Незалежнасці Беларусі і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дае магчымасць пазнаёміцца з творамі расійскіх мастакоў (Пятроўская акадэмія навук і мастацтваў, Санкт-Пецярбург, Расія), сербскай мастачкі манахіні Марыі, абразамі і скульптурамі з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі з дапамогай Цвярскога рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскага грамадскага аб'яднання “Культурны фронт Расіі” і Грамадскай палатай г. Цвер.
У экспазіцыі выставы змешчаны розныя паводле стылістыкі і вобразнага вырашэння творы. Гэта абразы XVIII – XIX стагоддзяў з выявамі Маці Божай – Нябеснай заступніцы Беларусі, рэалістычнае пераасэнсаванне тэмы «П’ета», іканапісныя ўвасабленні страшных падзей у канцэнтрацыйных лагерах Ясенавац, скульптурныя выявы Укрыжавання і Хрыста ў цярновым вянку.
Прадстаўленыя на выставе творы аб’ядноўвае глыбокі духоўны сэнс, што ўзыходзіць да славянскіх і хрысціянскіх маральных каштоўнасцей аб Надзеі і Веры. Іх непераадольная магутная сіла, якая была і ёсць у аснове ўсіх праяў жыцця, вяла да Вялікай Перамогі, напаўняла мужнасцю і гераізмам кожны дзень у змаганні з захопнікамі-злачынцамі. Гэтая ж вера і надзея гартуе нашы сэрцы зараз, засцерагаючы ад сляпой помсты, але пакідаючы галоўнае – Памяць як залог адраджэння духу, умацавання веры, вяртання да маральных каштоўнасцей, якія заўсёды былі асновай славянскай культуры.
Выстава працуе да 1 жніўня 2024 г.