Віцязь Сяргей Пятровіч
НАМЕСНІК ДЫРЭКТАРА ПА НАВУКОВАЙ І ІНАВАЦЫЙНАЙ РАБОЦЕ
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
доктар гістарычных навук
E-mail: vit@belcentre.by
Віцязь Сяргей Пятровіч, гісторык, доктар гістарычных навук (2015), намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Сферы навуковых інтарэсаў: раннесярэдневяковая гісторыя, гісторыя станаўлення беларускага этнасу і дзяржавы, гісторыя заходнебалцкіх народаў, крыніцазнаўства і гістарыяграфія, гісторыя навукі і тэхнікі, тэматыка вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Удзельнік шматгадовых гісторыка-этнаграфічных палявых даследаванняў, археалагічных разведак і шэрагу археалагічных раскопак (з 1995). З'яўляўся навуковым кіраўніком і сувыканаўцам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных навукова-даследчых і навукова-практычных праектаў, удзельнікам і суарганізатарам шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый і мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Аўтар і сааўтар звыш 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый, уключаючы 6 манаграфій. Выдавецкі рэдактар звыш 100 навуковых выданняў, уключаючы шэраг зборнікаў, якія ўваходзяць у пералік ВАК («Гістарычна-археалагічны зборнік», «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» і інш.), навуковы рэдактар і член рэдкалегіі шэрагу навуковых манаграфій і зборнікаў, уключаючы зборнікі Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай Віктару Уладзіміравічу Мартынаву (з 2012), член рэдкалегіі навуковага штогодніка «Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні» (з 2021).
Праходзіў навуковыя стажыроўкі ў Інстытуце гісторыі Польскай акадэміі навук (2005, 2006), у Эстонскім літаратурным музеі Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі (2015), курсы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў навуковай сферы ў Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2015, 2021).
З'яўляецца прадстаўніком ад Рэспублікі Беларусь у Праўленні (Governing Board) сумеснай праграмнай ініцыятывы па культурнай спадчыне (JPI CH) Еўрасаюза (з 2016 да 2022). Уваходзіць у склад Праўлення Беларускага аб'яднання спецыялістаў па штучным інтэлекце (з 2018). Член Навуковага савета па навуказнаўстве (з 2021) Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН).