Філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы" дзяржаўнай навуковай ўстановы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"
12 верасня 2024 года адбудзецца круглы стол "Мастацтва Перамогі: да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Тэма Вялікай Айчыннай вайны і перамогі ў барацьбе з фашызмам з'яўляецца адной з цэнтральных тэм беларускага выяўленчага мастацтва. Яна знайшла яркае, разнастайнае і паслядоўнае раскрыццё ва ўсіх яго відах: у жывапісе, графіцы, скульптуры. Да яе звярталіся мастакі розных пакаленняў. Феномен мастацкага ўвасаблення подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў знакавым для мастацтва Беларусі і неаддзельным ад яго развіцця ў пасляваенны перыяд, у значнай ступені вызначыў своеасаблівасць беларускай мастацкай школы. Эпахальныя падзеі, звязаныя з вызваленнем Мінска ў ліпені 1944 г., знайшлі адлюстраванне ў цэлым шэрагу твораў беларускіх мастакоў, такіх як В. Волкаў, Я. Зайцаў, Г. Віер, М. Данцыг, М. Назаранка, М. Чэпік і інш. Актуальнасць праблем, якія мяркуецца разгледзець падчас круглага стала, абумоўлена ўсведамленнем значнасці тэматыкі, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной, для нацыянальнай культуры, для выхавання патрыятызму і кансалідацыі грамадства на сучасным этапе, а таксама з павышэннем увагі да спецыфікі, этапаў і асаблівасцяў гістарычнага развіцця беларускага мастацтва.
Праблемна-тэматычнае поле круглага стала:
- Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пасляваеннае аднаўленне Беларусі ў выяўленчым мастацтве;
- Захаванне гістарычнай памяці аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў выяўленчым мастацтве Беларусі;
- Творчая спадчына і жыццёвы шлях беларускіх мастакоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны;
- Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучасным выяўленчым мастацтве Беларусі;
- Мемарыяльныя комплексы Беларусі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне;
- Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў архітэктуры Беларусі.
У рамках круглага стала адбудзецца выстава невядомых графічных работ заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі І.Ц. Ціханава 1940-х гг. са збору сям'і мастака, у якіх адлюстраваны ваенныя падзеі і рэаліі.
Круглы стол пройдзе па адрасе: г. Мінск, вул. Сурганава, 1, к. 2, каб. 302, пачатак у 11.00.
Кантакты: m2702917@yandex.by