18 верасня (серада) у 11.30 у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя 2-га тома Збору твораў класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага ў 12 тамах.
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі; 1900–1944) – пісьменнік, літаратурны крытык і перакладчык, адзін са стваральнікаў жанру беларускага рамана, нацыянальнай інтэлектуальна-філасофскай прозы.
Кузьма Чорны пакінуў багатую літаратурную спадчыну, яго творы ўключаны ў праграму агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, папулярныя за межамі краіны, яго імем названа школа ў Цімкавічах, дзе працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, імя пісьменніка нададзена вуліцам у Мінску, Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку.
Другі том новага навукова каментаванага Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах, які выйшаў у выдавецтве “Беларуская навука”, падрыхтаваны ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, у найбольш поўным аб’ёме, з улікам дасягненняў сучаснай тэксталогіі.
У кнігу ўвайшлі апавяданні 1926–1931 гг., якія друкуюцца ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара, навуковыя каментарыі (гісторыка-літаратурны, тэксталагічны, рэальны), моўныя варыянты і розначытанні, якія адлюстроўваюць непасрэдную працу Кузьмы Чорнага над творамі. У тэкстах узноўлена мова пісьменніка, адлюстраваны дыялекталагічныя асаблівасці лексічных адзінак і іх граматычных форм.
У прэзентацыі прымуць удзел навукоўцы, літаратары, культурныя і грамадскія дзеячы.
У рамках імпрэзы адбудзецца адкрыццё кніжнай выставы “Беларускі сусвет Кузьмы Чорнага”.
Сардэчна запрашаем!
(вул. Сурганава, 1, корп. 2, трэці паверх, канферэнц-зала 302)
Кантакты:
Васілевіч Алена Аляксандраўна, заг. аддзела выданняў і тэксталогіі
+375 17 270 16 09; +375 29 179 01 07;
textalogia@bk.ru