Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў створаны ў верасні 2012 г. у выніку аб’яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы.

У лістападзе 2015 г. была адноўлена дзейнасць Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якія з лістапада 2007 г. былі аб’яднаны ў адзіны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Дадзеныя навуковыя ўстановы разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы сёння з’яўляюцца філіяламі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

Існаванне ў адной акадэмічнай установе мастацтвазнаўцаў, мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў адбывалася і раней. Так, у структуры Беларускай акадэміі навук у 1931–1935 і 1952–1957 гг. існаваў Інстытут літаратуры і мастацтва, у 1935–1941 гг. – Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы, у 1944–1952 гг. – Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва.

Сярод трох філіялаў найбольш працяглая гісторыя існавання ў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Ён быў створаны ў лістападзе 1929 г. як Інстытут мовазнаўства. У 1956 г. яму было прысвоена імя Якуба Коласа. Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы быў створаны ў сакавіку 1931 г. як Інстытут літаратуры. У 1957 г. яму было прысвоена імя Янкі Купалы. У 1981 г. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым сярод навуковых устаноў падобнага профілю ў Беларусі быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы быў створаны ў ліпені 1957 г. як аднайменны інстытут. У 1992 г. яму было прысвоена імя Кандрата Крапівы.

belБеларуская мова