Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Круглы стол "Текстильные традиции гомельско-брянского пограничья"

З 13 снежня 2024 г. да 24 студзеня 2025 г. у выставачнай галерэі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі працавала выстава "Соединяя берега" (ткацтва, вышыўка, народны касцюм заходняй Браншчыны канца XIX – ХХ ст. з калекцыі Аляксея Беласа, г. Навазыбкаў, Бранская вобл., Расія).

Такая вялікая калекцыя народнага тэкстылю заходняй Браншчыны (Краснагорскі, Суражскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Клінцоўскі, Унецкі раёны) у Беларусі была прадстаўлена ўпершыню. Наведвальнікі змаглі ўбачыць рэдкія прадметы канца XIX – пачатку ХХ ст.: тканыя і вышытыя ручнікі, традыцыйны жаночы касцюм з архаічным андараком, прадметы хатняга інтэр'еру, жаночыя галаўныя ўборы (наміткі, тканыя хусткі), а таксама калекцыю вышыўкі "белым па белым".

Выставу наведалі не толькі спецыялісты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, але і супрацоўнікі Музея беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, групы кітайскіх слухачоў БДУ, удзельнікі клуба "Тропами Беларуси", навучэнцы СШ 26 г. Мінска, аматары народнай творчасці, беларускія этнолагі, краязнаўцы, мастацтвазнаўцы, выкладчыкі ткацтва і вышыўкі. Экскурсіі праводзіла І.Ю. Смірнова, старшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, куратар выставы.

У завяршэнне выставачнага праекта 23 студзеня 2025 г. прайшоў круглы стол "Текстильные традиции гомельско-брянского пограничья". Падчас работы круглага стала былі прадстаўлены паведамленні аб тэкстыльных традыцыях гомельска-бранскага памежжа (Белас А.А., этнограф, калекцыянер, г. Навазыбкаў, Бранская вобл., Расія); аб рэалізацыі сацыякультурных праектаў па вывучэнні і захаванні культурных традыцый Беларусі і Расіі (Траянава І. А., выкладчык Навазыбкаўскага філіяла Дзяржаўнай аўтаномнай прафесійнай адукацыйнай установы "Бранскі тэхнікум энергамашынабудавання і радыёэлектронікі імя героя Савецкага Саюза М. А. Афанасьева";  Пладунова Т. А., дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору БДУ культуры і мастацтваў, Мінск, Беларусь); аб рэканструкцыі традыцыйнага касцюма і стварэнні аўтэнтычнага вобраза (Віннікава М. М., старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства); аб традыцыйным касцюме гомельска-бранскага пагранічча (Смірнова І.Ю., старшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук); аб тэхналагічных асаблівасцях вышыўкі беларуска-рускага памежжа (Рудніцкая Г. Р., старшыня секцыі вышыўкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі).

belБеларуская мова