17 верасня 2024 года ў г. Уфа (Рэспубліка Башкартастан) у рамках XVII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў – удзельніц СНД адбылося ўзнагароджанне нашых лаўрэатаў Міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці» – супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вольгі Нікалаевай і Аксаны Ванкевіч.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегацыі з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. На высокую ўзнагароду супрацоўнікі інстытута былі намінаваныя за падрыхтоўку двухтомнага "Русско-белорусского системного семантического словаря" (Мінск, 2023). Гэта праца ўяўляе сабой новы тып двухмоўнай лексікаграфічнай працы ў беларускай лінгвістычнай навуцы і не мае аналагаў не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах СНД.