29 кастрычніка 2024 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі «Святочны час: народныя звычаі і павер’і ў аповедах беларусаў». Аўтар выдання — Таццяна Іванаўна Кухаронак, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Багата ілюстраванае выданне, якое толькі што выйшла з друку, выяўляе новыя грані ў разуменні таго, што такое свята ў народнай культуры беларусаў. Асаблівасць кнігі — дзясяткі галасоў беларускіх вяскоўцаў з усіх рэгіёнаў краіны, сабраных у палявых інтэрв'ю, якія распавядаюць пра тое, што такое для іх святочны час і якія традыцыі беларусаў ствараюць і зберагаюць святы.
Мадэратарам сустрэчы выступіў старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Сяргей Грунтоў.