18 верасня ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася прэзентацыя 2-га тома новага навукова каментаванага Збору твораў у 12 тамах класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Кніга, падрыхтаваная ў Інстытуце літаратуразнаўства ў найбольш поўным аб’ёме, з улікам дасягненняў сучаснай тэксталогіі, выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука”. Том склалі апавяданні 1926–1931 гг., якія друкуюцца ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара, навуковыя каментарыі (гісторыка-літаратурны, тэксталагічны, рэальны), моўныя варыянты і розначытанні.
У імпрэзе прынялі ўдзел навукоўцы, літаратары, культурныя і грамадскія дзеячы. У рамках прэзентацыі адбылося адкрыццё кніжнай выставы “Беларускі сусвет Кузьмы Чорнага”, на якой былі прадстаўлены рэдкія выданні спадчыны пісьменніка з фондаў бібліятэкі Інстытута літаратуразнаўства.