4 лістапада 2025 года ў 14.00 у Доме літаратараў (вул. Фрунзе, 5, Мемарыяльная зала) адбудзецца пасяджэнне круглага стала, прысвечанага 80-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі, якая знайшла адлюстраванне ў яркіх і запамінальных літаратурных і кінематаграфічных вобразах.
Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне застаецца адным з ключавых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Вобразы Перамогі фарміруюць калектыўную памяць, уплываюць на патрыятычнае выхаванне і медыйны дыскурс. Літаратура і кіно выконваюць розныя, але ўзаемадапаўняльныя функцыі: літаратура часта дае глыбінны псіхалагічны і рэфлексіўны погляд, кіно – масавую візуалізацыю і перажыванне. Даследаванне іх узаемадзеяння важна для разумення эвалюцыі вобразу Перамогі ад даваеннага і пасляваеннага часу да сучаснасці.
Ва ўмовах змены пакаленняў, лічбавізацыі і глабалізацыі важна прааналізаваць, як мяняюцца рэпрэзентацыі вайны, якія матывы захоўваюцца, а якія трансфармуюцца або пераасэнсоўваюцца. Таксама важная роля музеяў, тэлебачання і інтэрнэт-платформаў у папулярызацыі тых ці іншых вобразаў.
У рамках круглага стала плануюцца выступленні старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара выдавецтва "Беларусь" А.М. Карлюкевіча; старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў, рэжысёра, сцэнарыста, прадзюсара Я.М. Арандарэвіча, супрацоўнікаў аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтваў, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".