Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Анонс навукова-практычнай канферэнцыі "Шарашова і Пружанскі край"

22-23 мая 2025 г. у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя "Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёну", прысвечаная 645-годдзю Шарашова, радзімы выдатных даследчыкаў-этнографаў Паўла Баброўскага і Юзэфа Ігната Крашэўскага. Адсюль паходзяць Шарашоўскае Евангелле і вядомыя помнікі беларускага сакральнага жывапісу і скульптуры XVII стагоддзя. У Шарашове добра захавалася традыцыйная забудова, помнікі архітэктуры, якія з'яўляюцца ў нашы дні аб'ектамі вывучэння для даследчыкаў розных напрамкаў. Усё гэта абумоўлівае ўвагу да гэтага месца гісторыкаў, этнолагаў, фалькларыстаў і мастацтвазнаўцаў.

У рабоце навуковага форуму, арганізаванага аддзелам народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Пружанскім раённым выканаўчым камітэтам, прымуць удзел больш за 60 даследчыкаў, спецыялістаў у галіне навукі, культуры, адукацыі з Мінска, Гродна, Брэста і Брэсцкай вобласці. У іх ліку 9 дактароў навук, 28 кандыдатаў навук, члены Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Таксама прымуць удзел спецыялісты ў галіне адукацыі і культуры.

Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць вынікі навуковых даследаванняў свайго рэгіёну, яго культурны і турыстычны патэнцыял, актуальныя праблемы этналогіі і іншых гуманітарных дысцыплін. Запланавана работа круглага стала "Пружанскі рэгіён у Вялікай Айчыннай вайне (да 80-годдзя Вялікай Перамогі)".  

Падчас канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя кнігі "Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёну. Даследаванні і матэрыялы" (Мінск: Бел. навука, 2025).

Культурная праграма навуковага форуму прадугледжвае правядзенне краязнаўчых экскурсій у Шарашове і Пружанах.

Правядзенне канферэнцыі ў Пружанскім раёне - рэгіёне Беларусі з багатым гістарычным мінулым, адрозным самабытнымі традыцыямі матэрыяльнай і духоўнай культуры - дазволіць прыцягнуць увагу да пазітыўнага вопыту захавання культурнай спадчыны, што важна для выхавання патрыятызму, павагі да роднага краю, развіцця супрацоўніцтва паміж вучонымі, дзеячамі культуры, педагогамі.

Пленарнае пасяджэнне пачнецца ў 14.30 у дзіцячай школе мастацтваў г.п. Шарашова.

Праграма канферэнцыі

belБеларуская мова