Як і чаму стварылі "Залатое кальцо беларускай навукі"? Спыталі ў Акадэміі навук.
Ідэя гэтага праекта, як і многіх іншых праектаў па ўпрыгожванні акадэмічнай прасторы ў апошняе дзесяцігоддзе, належыць старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміку Уладзіміру Гусакову. Герояў кампазіцыі выбіралі навукоўцы Акадэміі навук.
"Калі працавалі над кампазіцыяй "Залатое кальцо беларускай навукі", і спрачаліся, і даказвалі нешта адзін аднаму, але прыйшлі да разумення, што гісторыі беларускай навукі не 95 гадоў, гэта толькі час існавання нашай Нацыянальнай акадэміі", - расказаў старшыня Прэзідыума акадэмік Уладзімір Гусакоў. - Вырашылі ўзяць сямёрку вялікіх нашых навукоўцаў і асветнікаў. Беларуская зямля спрадвеку багатая талентамі. Між тым гэта залаты фонд высокіх ідэалаў навукі, асветы і культуры, які ўвасабляе сабой непарыўнасць сувязі навуковых пакаленняў і будучага развіцця беларускай навукі».
Дыскусій па прадстаўленых персаналіях, па сутнасці, не было, расказаў Аляксандр Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. "Тым не менш у архітэктурнай кампазіцыі мы бачым скульптурныя ўвасабленні знакамітых заснавальнікаў беларускай навукі. За кожным з гэтых навукоўцаў - асноватворны ўклад у развіццё галоўных навуковых напрамкаў", - падкрэсліў акадэмік.
Іван Саверчанка, дырэктар філіяла "Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар: «Архітэктурна-мастацкая кампазіцыя з'яўляецца важным крокам на шляху да стварэння Усебеларускага нацыянальнага пантэона, куды павінны ўвайсці палітычныя і дзяржаўныя дзеячы, асветнікі і навукоўцы, пісьменнікі і мастакі. Многія выдатныя асобы мінулага з'яўляліся энцыклапедычна адукаванымі людзьмі, якія ўнеслі вялікі ўклад у розныя сферы навукі, культуры і літаратуры Беларусі. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што дзякуючы самаадданай працы соцень сумленных прафесіяналаў і таленавітых людзей сфармавалася сучасная беларуская нацыя, квітнее нацыянальная культура, імкліва развіваецца суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь».
Тэкст і фота з сайта: БелТА. Беларускае тэлеграфнае агенцтва