15-17 мая 2025 года адбыўся IV Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі.
Пленарнае пасяджэнне вітальнымі словамі адкрылі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук А.А. Каваленя і дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры А.І. Лакотка.
У навуковай канферэнцыі «Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя» прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Расіі, Эстоніі, Славакіі, Абхазіі, Кітая.
Асаблівую цікавасць выклікаў круглы стол «Беларуская міфалогія: ад аўтэнтыкі да містыфікацый», які сабраў вялікую колькасць як прафесійных даследчыкаў, так і аматараў народнай творчасці.
Не менш паспяхова прайшоў і адкрыты круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, які завяршыўся прэзентацыяй апошніх кніжных выданняў аўтарскіх казак.
16 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы адбыліся выступленні майстроў казкавага жанру. Парадавалі гледачоў нашы ўжо пастаянныя госці Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (в. Судзілы, Клімавіцкі р-н), Каток Соф’я Міхайлаўна (в. Пласток Любанскага р-на) і інш.
У межах форуму праводзіўся дзіцячы конкурс выканальнікаў беларускай казкі для ўдзельнікаў да 17 гадоў. Дзецям трэба было зняцца ў відэароліку, у якім удзельнік расказвае беларускую народную казку, і загрузіць ролік у сацыяльныя сеткі (Tik Tok, Instagram, Facebook, YouTube і інш.) з адпаведнымі хэштэгамі. Падчас форуму былі прадстаўлены найлепшыя выступленні, а пераможцы і ўдзельнікі атрымалі прызы ад партнёраў форуму – кампаніі “Белдзяржстрах”, Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, Беларускага фонду міра, радыёканала “Культура”.
Арганізатары форуму – аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў — будуць рыхтаваць да друку зборнік матэрыялаў канферэнцыі і ўмацоўваць сувязі з гасцямі і ўдзельнікамі розных узростаў. Запланаваныя новыя імпрэзы, сумесныя выданні, праекты.