18 верасня зала дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў чарговы раз зрабілася месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.
У рамках цыкла кінапаказаў "Магія кінакадра", прымеркаванага да 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дэманстравалася заключная кінастужка трылогіі "Доўгія вёрсты вайны" – фільм "На ўзыходзе сонца" (1975).
Перад праглядам выступіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат мастацтвазнаўства Марына Белаокая. Кіназнаўца распавяла пра стаўленне Васіля Быкава да кіно, гісторыю стварэння "Доўгіх вёрстаў вайны", цікавыя выпадкі, якія адбываліся на здымачнай пляцоўцы. Марына Аляксандраўна звярнула ўвагу гледачоў на стылістыку фільма "На ўзыходзе сонца" і ўсе характэрныя рысы кінатрылогіі, якая атрымалася "па-быкаўску" рэалістычнай, праўдзівай і дакументальнай.
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі