Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Кінапаказ "Магія кінакадра"

11 лютага 2026 года зала дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ператварылася ва ўтульны кіналітаратурны салон, дзе панавала творчая атмасфера, якая аб'ядноўвае зацікаўленых, адукаваных гледачоў і ўдзельнікаў, кіназнаўцаў, філолагаў і перспектыўную студэнцкую моладзь. Невыпадкова сабралася такая колькасць наведвальнікаў, бо ў рамках цыкла кінапаказаў "Магія кінакадра" дэманстраваўся фільм Ісідара Аненскага "Чалавек у футарале" (1939), зняты па аднайменным апавяданні А.П. Чэхава.

Істотнай падтрымкай мерапрыемства і яго нязменным акцэнтам, як заўсёды, стала выступленне прадстаўніка аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі - старшага навуковага супрацоўніка кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Наталлі Агафонавай.

Наталля Анатольеўна выклала спецыфіку перакладу літаратурных першакрыніц на аўдыявізуальную мову, падрабязна і дэталёва расказала аб рэжысёрскай інтэрпрэтацыі чэхаўскага твору і значных зменах, якія дзеля стварэння поўнаметражнага фільма ўнёс Ісідар Аненскі ў кароткае апавяданне "Чалавек у футарале", пашырыўшы кола дзеючых асоб, колькасць дыялогаў і новых эпізодаў. З дапамогай Наталлі Анатольеўны гледачы яшчэ да прагляду карціны змаглі ўявіць няпросты механізм стварэння экранізацый, неабходнасць пашырэння ў сцэнарыі прасторы падзей і вобразаў, створаных пісьменнікамі.

Лагічным працягам абмеркавання стаў пазнавальны і інфарматыўны дыялог з магістрантам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандрай Глушаковай. З яе дапамогай гледачы з цікавасцю параўноўвалі вобраз Белікава ў апавяданні Чэхава і фільме Аненскага, разважалі над тым, што такое «футалар» і хто такія «футаларныя людзі», аналізавалі, які ўплыў мае літаратурны і экранны герой на асяроддзе, разам з філолагам шукалі адказ на важнае пытанне аб актуальнасці «футаларнасці» ў наш час. Некаторыя гледачы з задавальненнем выходзілі з уласных «футаралаў» і смела падтрымлівалі дыялог.

Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

belБеларуская мова