У межах навуковага семінару “Актуальныя праблемы сучаснай фалькларыстыкі” 19 сакавіка 2026 года адбыўся круглы стол “Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях”.
У цэнтры ўвагі былі пытанні мастацкай канцэптуалізацыі, вобразнасці і эўрыстычнасці ілюстрацыі беларускай казкі. Мастакі, ілюстратары, навукоўцы, педагогі, псіхолагі, журналісты разам разважалі, чаму сучасныя мастацкія праекты казак часта не даходзяць да дзіцячага сэрца, і шукалі рашэнні, якім павінен быць новы мастацкі вобраз беларускай народнай казкі, каб ён быў зразумелы, блізкі і прывабны для дзяцей сёння. У круглым стале актыўна ўдзельнічалі навучэнцы і студэнты мастацкіх вучылішчаў.
Гэты круглы стол – першы крок да супрацоўніцтва мастака і філолага, ілюстратара і фалькларыста, дызайнера і педагога. Ён сабраў шмат зацікаўленых у тым, каб беларуская казка не трапіла ў занядбанне пры імклівым тэмпе тэхнічнага прагрэсу, каб і надалей заставалася ў цэнтры ўвагі і мела належнае мастацкае ўвасабленне. Выступілі мастацтвазнаўцы Алена Пікулік і Вольга Лабачэўская, псіхолаг Наталля Грэбень, мастакі Рыта Цімохава і Яўген Кот. Выступленні суправаджаліся ажыўленай дыскусіяй.
Загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна прэзентавала сайт “Беларуская народная казка” (https://bnkorpus.info/kazki/), дзе прадстаўлены аўтэнтычныя запісы казак (тэкст і аўдыя), зробленыя фалькларыстамі ў 1970-2000-я гады.