Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Круглы стол «Заўтрашні дзень айчыннага кінематографа праз прызму навукі і мастацтва»

3 красавіка 2026 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбыўся круглы стол «Заўтрашні дзень айчыннага кінематографа праз прызму навукі і мастацтва».

У мерапрыемстве ўдзельнічалі супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Сярод удзельнікаў – беларускія пісьменнікі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, аўтары кніг, разлічаных на розныя ўзроставыя катэгорыі.

Круглы стол выступіў пляцоўкай, на якой абмяркоўваўся шэраг пытанняў, звязаных з экранізацыяй літаратурнага твора. Загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Антаніна Аляксееўна Карпілава падкрэсліла, што беларускае кіно з самага свайго пачатку – літаратурацэнтрычнае; залаты фонд айчыннага кінематографа складаюць экранізацыі выдатных літаратурных твораў. У сваім выступленні яна прывяла пералік сацыяльна значных тэм, прапанаваных у рамках абвешчанага кінастудыяй "Беларусьфільм" конкурсу сцэнарыяў.

Беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Ірына Віктараўна Лявонава звярнула ўвагу на неабходнасць пошуку актуальных тэм і мастацкіх форм, блізкіх для сучаснай моладзі.

Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што беларуская літаратура – як класічная, так і сучасная – і сёння застаецца крыніцай займальных сюжэтаў, запамінальных характараў, глыбокіх разваг і новых ідэй. Немалаважнай з'яўляецца і наяўнасць пляцовак для плённага дыялогу паміж пісьменнікамі і кінематаграфістамі, літаратуразнаўцамі і кінакрытыкамі, бо будучыня беларускага кіно — ва ўзаемадзеянні арыгінальных задум, тэхналагічных магчымасцяў, навуковага аналізу і мастацкага натхнення.

belБеларуская мова