18 сакавіка 2026 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Пераклад у лічбавую эпоху: выклікі, магчымасці, абмежаванні», арганізаваны аддзелам славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і кафедрай сучасных тэхналогій перакладу факультэта міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.
Сярод выступоўцаў і ўдзельнікаў дыскусіі былі супрацоўнікі Цэнтра, універсітэта замежных моў і БДУ, прафесійныя перакладчыкі. На абмеркаванне выносіліся найбольш актуальныя пытанні перакладу навуковай і мастацкай літаратуры з выкарыстаннем штучнага інтэлекту: якасць і дакладнасць аўтаматычнага перакладу, неабходнасць дадатковай рэдактуры тэксту, асаблівасці перадачы нацыянальна-культурнай спецыфікі арыгінала, страта сэнсавых адценняў, пытанні бяспекі даных, этычныя аспекты, тэхнічныя абмежаванні.
Па выніках сустрэчы быў зроблены шэраг агульных высноў, сярод якіх наступная: лічбавыя тэхналогіі не выцясняюць перакладчыка, а становяцца незаменным складнікам яго прафесійнай дзейнасці і поспех на перакладчыцкай ніве залежыць ад здольнасці эфектыўна інтэграваць лічбавыя рашэнні ў рабочы працэс, захоўваючы пры гэтым кантроль чалавекам над сэнсам, стылем і культурным кантэкстам перакладаных тэкстаў.