11 лістапада 2025 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Алены Іванаўны Чабярук – выдатнага беларускага дыялектолага, кандыдата філалагічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000).
У круглым стале прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства, а таксама родныя Алены Іванаўны – дачка Яўгенія Мікалаеўна і ўнучка Марыя Анатольеўна. З уступным словам выступіў Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, расказала прысутным аб жыццёвым шляху, навуковай дзейнасці Алены Іванаўны, адзначыла яе важкі ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства. Сваімі ўспамінамі падзяліліся Яўгенія Мікалаеўна Яфімава і Марыя Анатольеўна Яфімава, Тамара Мікалаеўна Трухан, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі.
Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, душэўнай атмасферы.