9 лістапада 2026 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшло пасяджэнне круглага стала, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Леаніда Іосіфавіча Мінько (1926-2012) – вядомага вучонага-этнографа, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Круглы стол быў арганізаваны і праведзены аддзелам нарадазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы – філіяла Цэнтра даследаванняў.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і запрошаныя госці. У ліку выступоўцаў – акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка, калегі і вучні Л.І. Мінько.
У выступленнях і дакладах былі ахарактарызаваныя асноўныя навуковыя дасягненні вучонага (асаблівая ўвага нададзена асвятленню ўкладу Л.І. Мінько ў вывучэнне народнай медыцыны беларусаў, знахарства), раскрытая яго роля ў развіцці беларускай савецкай этнаграфіі, адзначаны заслугі ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Удзельнікі круглага стала падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Леаніда Іосіфавіча Мінько – настаўніка, калегу, сябра.
У тэксце рэзалюцыі, агучанай мадэратарам круглага стала – загадчыкам аддзела нарадазнаўства, доктарам гістарычных навук, дацэнтам А.Ул. Гурко, і адобранай усімі ўдзельнікамі, указана значнасць падобных мерапрыемстваў для захавання пераемнасці навуковых школ і памяці аб найлепшых прадстаўніках акадэмічнай супольнасці. Леанід Іосіфавіч Мінько – годны прыклад служэння беларускаму грамадству, айчыннай навуцы.