У панядзелак, 18 мая 2026 года, у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшло пасяджэнне круглага стала, прымеркаванага да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага вучонага і арганізатара навукі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Міхаіла Фёдаравіча Піліпенкі (1936-2025).
Круглы стол быў арганізаваны і праведзены аддзелам нарадазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы – філіяла Цэнтра даследаванняў.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова (1999-2009 гг.) доктар палітычных навук, прафесар Васіль Андрэевіч Саковіч, а таксама калегі і вучні М.Ф. Піліпенкі.
У выступленнях і дакладах былі ахарактарызаваны асноўныя навуковыя дасягненні вучонага (асаблівая ўвага нададзена асвятленню ўкладу М.Ф. Піліпенкі ў вывучэнне этнагенезу беларусаў), раскрыта яго роля ў арганізацыі этналагічнай навукі, адзначаны заслугі ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Удзельнікі круглага стала падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Міхаіла Фёдаравіча Піліпенку – кіраўніка навуковай установы, калегу, настаўніка, сябра.
У тэксце рэзалюцыі, агучанай мадэратарам круглага стала загадчыкам аддзела нарадазнаўства, доктарам гістарычных навук, дацэнтам А.Ул. Гурко і адобранай усімі ўдзельнікамі, было прапанавана зрабіць традыцыйным правядзенне навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных памяці вядомых беларускіх этнолагаў.