Вечар 22 кастрычніка 2025 года наведвальнікі залы дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі правялі асэнсавана і змястоўна: у рамках цыкла кінапаказаў «Магія кінакадра» дэманстраваўся фільм Валерыя Рубінчыка «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975).
Неацэнны змястоўны ўклад у рэалізацыю цыкла кінапаказаў «Магія кінакадра» ўносіць аддзел экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Перад паказам фільма выступіла кандыдат мастацтвазнаўства загадчык аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Антаніна Карпілава. Дзякуючы яе глыбокім, кампетэнтным, высокапрафесійным каментарыям і тонкім назіранням кінамова Валерыя Рубінчыка, вядомая стылістыка яго фільмаў раскрылася гледачам ва ўсёй разнастайнасці і шырыні. Антаніна Аляксееўна была асабіста знаёмая з рэжысёрам, і гэты факт надаў яе словам яшчэ большы сэнс і значнасць для прысутных. Кінакрытык прадставіла панарамны агляд кінаспадчыны майстра, якога заўсёды прыцягвала класіка рускай і беларускай літаратуры, што ў цэлым уласціва літаратурацэнтрычнасці айчыннага экраннага мастацтва. Закрануўшы сімвалічны пласт творчасці рэжысёра, прааналізаваўшы мазаічнасць мантажу, навелістычнасць, элегічнасць і разважлівасць фільма, яго музычную фанасферу, яркасць акцёрскіх вобразаў, Антаніна Карпілава акцэнтавала ўвагу гледачоў і на галоўным, «шэкспіраўскім» пытанні «Гамлета Шчыгроўскага павета», якое задаюць сабе многія з нас: хто я ў гэтым свеце?
Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі