Ярмалінская Вераніка Мікалаеўна, доктар мастацтвазнаўства, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, з 10 па 15 верасня прыняла ўдзел у працы XXVIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая Вежа" ў якасці старшыні экспертнага савета.
У тэатральным фестывалі прынялі ўдзел 22 калектывы з сямі краін свету: Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. У праграму былі ўключаныя спектаклі на рускай, беларускай мовах і мове Комі. Большую частку афішы склалі спектаклі па творах класічнай літаратуры: Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Фёдара Дастаеўскага, Мікалая Ляскова, Івана Тургенева, Максіма Горкага і іншых аўтараў.
Жанравая палітра "Белай Вежы" таксама была разнастайнай. Гледачам былі прадстаўлены камедыі, драмы і меладрамы, эксперыментальныя і музычныя пастаноўкі, спектаклі тэатра лялек. Найлепшым спектаклем драмы быў прызнаны спектакль "Ляўша", які прадставіў Нацыянальны музычна-драматычны тэатр Рэспублікі Комі з Сыктыўкара (Расія); найлепшым спектаклем тэатра лялек стаў "Рагнарок. Гібель багоў" у пастаноўцы тэатра лялек Кузбаса імя А. Гайдара з Кемерава. Дыплом лаўрэата за лепшую мужчынскую ролю быў уручаны акцёру маскоўскага тэатра «Школа драматычнага мастацтва» Кірылу Фёдараву, які сыграў Князя ў пастаноўцы «Дзядзюшкаў сон». Дыпломам "Найлепшая жаночая роля" ўзнагароджана актрыса Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя У. Маякоўскага Анастасія Дзьячук, якая сыграла Вару ў "Дзікунцы".
15 верасня адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця XXVIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая Вежа". Фінальным акордам форуму стаў спектакль "На бойкім месцы" па п'есе Аляксандра Астроўскага. Сваю версію камедыі класіка прадставілі артысты Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Узбекістана. Завяршылася свята мастацтва фаер-шоу.