У калядны час, 7-8 студзеня 2026 года, аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры арганізаваў навукова-практычны семінар, прысвечаны адметнаму беларускаму народнахрысціянскаму абраду пераносу іконы, які мае ўстойлівую назву “Свяча”. Справа ў тым, што абраз пераносілі ад аднаго гаспадара да наступнага раз на год разам са свечкамі.
Дзея прымяркоўвалася да дня ўшанавання святога, які выяўляўся на іконе, або да свята. Гэтым разам – Раство.
Абрад пераносу свячы на Раство праводзіцца ў Буда-Кашалёўскім раёне. Сёлета да беларускіх фалькларыстаў далучыліся маскоўскія калегі на чале з Андрэем Марозам, доктарам філалагічных навук, загадчыкам лабараторыі тэарэтычнай і палявой фалькларыстыкі Вышэйшай школы эканомікі Масквы.
Назаўтра, ужо ў Цэнтры, быў прадстаўлены фільм "Самаходская свяча", зняты па матэрыялах экспедыцыі да нашчадкаў беларускіх перасяленцаў у Цюменскай вобласці ў 2023 — 2024 гг. Фільм расказвае пра лакальную версію абраду Свяча. У цюменскім сяле Асінаўка абрад узнікае ў канцы 1930-х гг. як рэакцыя на закрыццё царквы, а ў апошнія гады трансфармуецца з лакальнага рэлігійнага рытуалу ў рэгіянальны брэнд.
Прэзентацыя завяршылася ажыўленай дыскусіяй.