У калядны час, 7-8 студзеня 2026 года, аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры арганізаваў навукова-практычны семінар, прысвечаны адметнаму беларускаму народнахрысціянскаму абраду пераносу іконы, які мае ўстойлівую назву “Свяча”. Справа ў тым, што абраз штогадова пераносілі ад аднаго гаспадара да наступнага разам са свечкамі.
Мерапрыемства было прымеркавана да дня ўшанавання святога, які выяўляўся на іконе, або да свята. Гэтым разам – да Раства.
Абрад пераносу свячы на Раство праводзіцца ў Буда-Кашалёўскім раёне. Сёлета да беларускіх фалькларыстаў далучыліся маскоўскія калегі на чале з Андрэем Марозам, доктарам філалагічных навук, загадчыкам лабараторыі тэарэтычнай і палявой фалькларыстыкі Вышэйшай школы эканомікі Масквы.
На наступны дзень у Цэнтры быў паказаны фільм "Самаходская свяча", зняты паводле матэрыялаў экспедыцыі да нашчадкаў беларускіх перасяленцаў-самаходаў у Цюменскай вобласці. Фільм расказвае пра мясцовы варыянт цырымоніі са свячой. У цюменскім сяле Асінаўка гэты абрад узнік у канцы 1930-х гадоў як рэакцыя на закрыццё царквы, а ў апошнія гады трансфармаваўся з мясцовага рэлігійнага рытуалу ў рэгіянальны звычай.
Прэзентацыя завяршылася ажыўленай дыскусіяй.