Захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці, падтрымка нацыянальных моў і культур — 21 лютага свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусь не выключэнне: многія арганізацыі і ўстановы прысвячаюць гэтаму святу круглыя сталы, семінары, цікавыя сустрэчы, творчыя конкурсы і інтэлектуальныя спаборніцтвы. Правядзенне Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове таксама стала добрай традыцыяй. 20 лютага 2026 года ўжо ў пяты раз удзельнікі далучыліся да мерапрыемства як у вочным фармаце на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, так і ў прамым эфіры.
Тэма дыктоўкі была прысвечана Году беларускай жанчыны. І калі традыцыйна падчас дыктоўкі выкарыстоўваліся празаічныя творы, то гэтым разам быў абраны паэтычны тэкст — твор беларускага паэта Алеся Звонака «Беларускія жанчыны». Пашырыўся і геаграфічны склад удзельнікаў: дыктоўку пісалі не толькі этнічныя беларусы, але і студэнты Бакінскага славянскага ўніверсітэта, удзельнікі з Эстоніі, Японіі, Кітая і многіх іншых краін. Кожны з іх змог праверыць, наколькі добра ён засвоіў нормы беларускай літаратурнай мовы. Але гэта не самая важная задача, адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў. Важна таксама звяртаць увагу на прыгажосць і меладычнасць беларускага слова, адчуваць энергію і самабытнасць роднай мовы, дэманстраваць сваю любоў і павагу да гісторыі і культуры нашай краіны, яе духоўнай спадчыны. Па яго словах, «з кожным годам расце цікавасць да нашай краіны, гісторыі, традыцый, а спазнаць іх можна толькі праз мову. Таму што мова —гэта культурны код нацыі і гістарычная памяць, тое, што звязвае пакаленні. А рост цікавасці да беларускай мовы за мяжой азначае і пашырэнне кола сяброў Беларусі. Мы таксама вельмі рады, што колькасць удзельнікаў Рэспубліканскай дыктоўкі расце з кожным годам. Калі ў мінулым годзе зарэгістравалася пяць тысяч чалавек, то ў гэтым годзе іх колькасць яшчэ большая. Дакладна назваць немагчыма, таму што настаўнікі рэгістраваліся асобна, а дыктоўку пісалі цэлыя класы вучняў у школах».
Тэкст і фота з сайта: СБ: Беларусь сегодня
Аўдыяфайл з мерапрыемства даступны па спасылцы: Канал «Культура» Беларускага радыё
Видео о мероприятии доступно по ссылкам: Першы інфармацыйны канал News.by і ютуб-канал Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі