Супрацоўнікі аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рэгулярна прымаюць удзел у правядзенні народных свят і абрадаў. Падчас экспедыцый ажыццяўляецца запіс новага матэрыялу і абмеркаванне шляхоў і метадаў захавання традыцыі. На гэты раз Т.В. Валодзіна прыняла ўдзел у велікодным ушанаванні каменных крыжоў-"дзяўчынак" у в. Данілевічы Лельчыцкага раёна. Паводле мясцовай легенды, каменем з-за мацярынскага праклёну стала дзяўчынка Еўка. Штогод да свята з каменя здымаюць старое адзенне і прыносяць новае.
6 мая ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна адбылося свята «Юраўскі карагод», якое было ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як аб'ект, якому неабходна тэрміновая ахова. У прымеркаваным да свята фестывалі "Карагоднае кола" прыняла ўдзел В.І. Трубач.