15 сакавіка 2024 г. у 16.00 на ХХХІ Міжнародным кніжным кірмашы (пр. Пераможцаў, 14) адбудзецца прэзентацыя 6-томнай фундаментальнай серыі «Этнокультурные процессы историко-этнографических регионов Беларуси в прошлом и настоящем». У прэзентацыі прымуць удзел супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.Ул. Гурко (аўтар ідэі серыі), А.Вікт. Гурко (навуковы рэдактар), а таксама аўтары раздзелаў кніг: Л.В. Ракава, Т.І. Кухаронак, В.В. Шэйбак, Г.І. Каспяровіч, В.М Ярмалінская і іншыя.
У 2023 г. завершана выданне 6-томнай фундаментальнай серыі «Этнокультурные процессы историко-этнографических регионов Беларуси в прошлом и настоящем» (2010-2023), апублікаванай у выдавецтве «Беларуская навука». Гэта вынік шматгадовага комплекснага этналагічнага даследавання традыцый матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва рэгіёнаў Беларусі ад старажытнасці да нашага часу. Папярэднія кнігі былі прысвечаны комплекснаму разгляду Усходняга Палесся (2010), Панямоння (2014), Цэнтральнай Беларусі (Міншчыны) (2016), Беларускага Падзвіння (Віцебшчыны) (2017) і Заходняга Палесся (Брэстчыны) (2020). У 2023 г.выдадзены заключны шосты тым, прысвечаны Магілёўшчыне. Даследаванні праводзіліся супрацоўнікамі аддзела нарадазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У стварэнні серыі прынялі ўдзел таксама супрацоўнікі БДУ і рэгіянальных універсітэтаў, Гродзенскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея ім. Е. Р. Раманава, а таксама вядучыя навуковыя супрацоўнікі ІЭА РАН.
У кнігах серыі ўпершыню прадстаўлена комплекснае даследаванне этнічнай і этнаканфесійнай гісторыі, этнічных працэсаў, традыцый матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва шасці гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Важнай адметнай рысай калектыўнай навуковай працы з'яўляецца канфесійна-культурная праблема, якая стала цэнтральнай ідэяй усёй серыі, паколькі менавіта яна вызначае ў канчатковым выніку цывілізацыйны выбар народа. Этнаграфічная і рэгіянальна-лакальная своеасаблівасць Беларусі выяўлена праз усебаковы аналіз багатай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны рэгіёнаў.
У шасці тамах серыі прадстаўлены сістэматызаваныя звесткі па праблемах матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры, характэрныя для кожнага з гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі, а таксама для краіны ў цэлым. Матэрыялы гатовыя для выкарыстання ў навуковай і адукацыйнай дзейнасці, у педагагічнай і ідэалагічнай працы.