27 лістапада 2025 года ў 17.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі адбылася сустрэча, прысвечаная вынікам вывучэння спадчыны Шарашова і Пружанскага рэгіёна.
Падчас мерапрыемства былі ўрачыста перададзены архіўныя матэрыялы са збораў Шарашоўскага сельскага выканаўчага камітэта ў фонды Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Таксама была праведзена прэзентацыя навуковага зборніка "Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, мастацкая і архітэктурная спадчына рэгіёна. Даследаванні і матэрыялы".
У сустрэчы прынялі ўдзел аўтары, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ураджэнцы Пружаншчыны, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі і ўспамінамі.
Быў арганізаваны продаж кніг выдавецтва "Беларуская навука" і выстава выданняў, прысвечаная Пружанскаму рэгіёну.