Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Кінапаказ "Магія кінакадра"

Марозным зімовым вечарам 23 снежня 2025 года ў зале дакументаў па мастацтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі панавала атмасфера ўтульнасці і цеплыні: у рамках праекта «Магія кінакадра» дэманстраваўся фільм Аляксандра Яфрэмава «Давай пажэнімся» (1982), зняты на айчыннай кінастудыі «Беларусьфільм».

Праект «Магія кінакадра» не стаў бы такім змястоўным без падтрымкі прафесіяналаў у галіне кінакрытыкі – супрацоўнікаў аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У агульны кантэкст гэтай рэдкай для беларускага кіно меладраматычнай карціны ўвяла гледачоў старшы навуковы супрацоўнік аддзела кандыдат мастацтвазнаўства Марына Белаокая.

Кіназнаўца распавяла пра адрозненні водгукаў, якія выклікаў фільм «Давай пажэнімся» ў публікі і крытыкаў, адзначыла агульнасць яго праблематыкі са знакамітай меладрамай Уладзіміра Мяньшова «Масква слязам не верыць», дзе ў цэнтры ўвагі аказваюцца адукаваныя, інтэлігентныя, але глыбока адзінокія жанчыны. Сканцэнтраваўшы ўвагу гледачоў на акцёрах цэнтральных роляў, стваральніках фільма, Марына Аляксандраўна зрабіла акцэнт і на эпізадычных вобразах, таленавіта ўвасобленых беларускімі артыстамі Аляксандрай Клімавай і яе сынам Андрэем Душачкіным, Таццянай Мархель, Сяргеем Жураўлём і інш. Кінакрытык таксама звярнула ўвагу на яшчэ аднаго героя фільма - горад Мінск 1980-х гг., які кожны дарослы жыхар сталіцы з лёгкасцю пазнае на экране.

Тэкст і фота з сайта: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

belБеларуская мова