«Распрацоўкі сектара камп’ютарнай лінгвістыкі для маладых вучоных». Пад такой назвай 17 лютага 2026 года адбылася сустрэча супрацоўнікаў сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя ЯЧкуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі з маладымі вучонымі Цэнтра і выкладчыкамі ВНУ краіны.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага прафесійнага дыялогу. Удзельнікі не толькі пазнаёміліся з існымі лічбавымі рэсурсамі, але і абмеркавалі, як камп’ютарныя тэхналогіі могуць дапамагаць гуманітарным даследаванням — ад аналізу моўных даных да практычнай працы са слоўнікамі і тэкстамі.
Загадчык сектара камп'ютарнай лінгвістыкі Кошчанка У.А.падаў гісторыю стварэння і развіцця асноўных праектаў. Асаблівая ўвага была нададзена такім рэсурсам, як Нацыянальны корпус беларускай мовы (https://bnkorpus.info/), Граматычная база беларускай мовы, Біблійны корпус і Беларускі фанетычны канвертар (BelG2P), якія сёння становяцца важнымі інструментамі сучаснай беларускай лінгвістыкі.
У сваіх выступленнях удзельнікі сустрэчы падзяліліся практычным досведам выкарыстання гэтых распрацовак. Глушыцкі Л.У., малодшы науковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, расказаў пра выкарыстанне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы пры падрыхтоўцы новага тлумачальнага слоўніка. Волкава Я.В., навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, адзначыла важную ролю корпусных рэсурсаў у працы над «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы», а Басалыга П.С., малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, расказала пра ўласны досвед выкарыстання Біблійнага корпуса ў рабоце над дысертацыйным даследаваннем і адзначыла перавагі, якія дае корпус пры аналізе моўнага матэрыялу.
Пра значэнне распрацаваных сектарам лічбавых лінгвістычных інструментаў для адукацыі сказала і доктар філалагічных навук, прафесар Нічыпорчык А.У., загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Яна падкрэсліла, што распрацоўкі сектара маюць вялікі патэнцыял для лінгвадыдактычнай і даследчай працы выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных спецыяльнасцяў.
Сустрэча паказала, што супрацоўніцтва паміж даследчыкамі, выкладчыкамі і распрацоўшчыкамі лінгвістычных рэсурсаў адкрывае новыя магчымасці для развіцця беларускай гуманітарнай навукі і ўкаранення сучасных тэхналогій у даследчую практыку.