Skip to main content Пракрутка зверху
вул. Сурганава, 1, корп. 2, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Прэзентацыя альбомаў серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі»

Два новыя выданні серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі» прадставілі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі 19 лютага 2026 года. Альбомы «Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу» і «Абярнуся я шэрай зязюляй» прысвечаны баладам і каляндарна-абрадавым песням, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Гэта працяг навукова-папулярнай серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі», тры першыя кнігі якой выдавецтва «Беларуская навука» выпусціла ў 2025 годзе.

— Хоць амаль не засталося тых бабуль, якія спявалі б народныя песні ў вёсках, тым не менш наш фальклор жыве, — адзначыла кіраўнік праекта, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Валодзіна. — Сёння ён стаў адкрытай пляцоўкай для мастацкага творчага выяўлення ўсіх, для каго дарагая духоўная спадчына народа; для навуковага пошуку. А для многіх — і сродкам самазахавання.

Па словах Т. Валодзінай, у альбомы балад і каляндарна-абрадавых песень трапілі найлепшыя ўзоры народнай творчасці, сабраныя навукоўцамі ў фальклорных экспедыцыях за доўгія гады працы ў гэтым кірунку. Выданні працягваюць традыцыю першых трох кніг серыі. У ёй на рускай і англійскай мовах прыводзяцца аналагі з культуры іншых народаў, якія дэманструюць, як яны глядзелі на тую ці іншую жыццёвую з'яву.

Падчас прэзентацыі выступілі фальклорныя гурты «Стажары» і «Варган», якія выканалі каляндарна-абрадавыя песні і народныя балады.

Тэкст з сайта: агенцтва «Мінск-Навіны»

Госці мелі магчымасць пазнаёміцца з працамі майстроў выцінанкі Вольгі Налівайка, Наталлі Бярнадскай, Галіны Жураўлёвай, а таксама з фотавыставай, дзе можна было ўбачыць здымкі Паўла Ганчара са шматлікіх свят і абрадаў.

Прэзентацыя прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.

Відэа з мерапрыемства даступнае па спасылках: Першы інфармацыйны канал News.by і ютуб-канал Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

belБеларуская мова